TOP Узкоколейки России
Паровоз ИС
TopList

Экзотыка, якую больш нідзе не ўбачыш

Ю. Панін

Галоўная старонка: Мінская вобл. -> 

Традыцыйна вольны час я імкнуся прысвячаць вывучэню беларускай чыгуначнай экзотыкі. І ў ліпені бягучага году я з дзвума сябрамі - чыгуначнікамі здзейснілі вандроўку на вузкакалейную чыгунку із шырынёй каляі 750 мм, якая знаходзіцца ля горада Рудзенск і па якой перавозяць торф. Трэба адзначыць, што дагэтуль я быў на гэтай чыгунцы разам з дзядзькам, які мае лецішча ў тых краях. Тады я нічога цікавага ня бачыў, але даведаўся у вартаўніка, што з пасёлка Праўдзінскі да Рудзенска і назад штодзённа прыкладна а дзесятай гадзіне раніцы ходзіць цеплавоз: мяняе вартаўнікоў на станцыі Рудзенск, якая служыць толькі для перагрузкі торфу на шырокую каляю і ўжо працуе досыць рэдка.

ТУ8 У чацьвер ранкам я з маімі сябрамі Віталем і Сержуком выехалі на электрычцы з Менску на Рудзенск. У вагоне высьветлілася, што Віталь падчас начной працы амаль не здолеў паспаць, і зараз ён у цяжкім стане. Час прайшоў хутка, і вось мы ўжо дэсантуемся на вакзале ў Рудзенску і кіруемся да вузкакалейкі, да якой нам трэба прайсці больш за два кіламетры. Мы хацелі крыху зрэзаць, але гэта ў нас гэта не атрымалася. Паблукаўшы крыху па ваколіцах Рудзенска, мы нарэшце выйшлі да вузкакалейнага пераезду.

Дэпо Перад намі адкрылася сумнае відовішча. Навокал усё зарасло пустазельлем. Рэйкі іржавыя і крывыя. Складалася уражаньне, што тут ужо колькі год ніхто не ездзіў. Але згодна з тым, што вагоны на шляхах стаялі у іншым парадку, чым раней, я здагадаўся, што жыцьцё тут ёсьць. Падыйшоўшы да будынку вартаўніка, мы убачылі на ім велізарны замок. Тут ужо мае сябры пачалі абурацца: маўляў, куды ты нас прывёў! Я ўжо сам пачаў сумнявацца, што абяцаны цеплавоз прыедзе. Але мы вырашылі пачакаць. і праз колькі хвілін, пачуўшы знаёмае тарахценьне, я выглянуў з-за будынка. Да нас, нібыта проста па траве, нёсся маленькі аранжавы цеплавозік ТУ8 - 0382! У ім прыехалі вартаўнік рудзенскай станцыі, саставіцель, машыніст і яшчэ нейкая жанчына. Нас адразу пытаюць, хто мы і адкуль. Калі мы сказалі машыністу, што прыехалі з Мінску і хацелі б праехаць з цеплавозам да Праўдзінскага, той параіў нам спачатку набыць білеты. А калі Віталь спытаў: " А дзе ў вас білетная каса?" мы ўсе рассмяяліся.

Торф Пакуль цеплавоз стаяў, мы вырашылі пафатаграфавацца. і вось я здымаю і чую голас машыніста: "А ці вы ведаеце, што фатаграфаваць нельга?" Гляджу на яго: усьміхаецца. Думаю: "дзякуй Богу, пранесла". Некалькі разоў мяне у такіх выпадках не праносіла. Праз колькі хвілін мы забраліся ў кабіну і паехалі. Як гасьцям, нам былі прапанаваныя сядзячыя месцы. Па дарозе машыніст распавядаў нам пра канструкцыю цеплавоза і пра чыгунку. Найбольш мяне здзівіла тое, што пульт кіраваньня цеплавозам не меў замест яго быў ручны газ, і, як у аўтамабіле, педалі газу, тормазу, счапленьня, рукаятка каробкі перадач. Але гэты варыянт аб'ясняўся наяўнасьцю на цеплавозе не гідраўлічнай, а механічнай перадачы. Шлях там досыць дрэнны, цеплавоз даволі моцна качала і трасло, ехаць было нават крыху жахліва. На мосце праз Пціч машыніст спытаў мяне, ці хачу я сфотаграфаваць мост. Я адказаў, што хачу, але я не разумеў, як гэта зрабіць. У адказ машыніст даў задні ход, высадзіў мяне ля пачатку маста, а сам паехаў на мост. Я сфатаграфаваў цеплавоз на мосце, потым лакаматыў вярнуўся, забраў мяне і мы рушылі далей, аглядаючы праз вокны цеплавоза сумна-занядбаныя беларускія краявіды.

Праз некаторы час мы пад'ехалі да дэпо. Саставіцель уручную перавёў стрэлку, і вось ужо мы едзем па тракцыйных шляхах. На маё здзіўленьне, там панавала ажыўленьне. Сям-там працавалі рабочыя, некалькі чалавек гутарылі, аднекуль выязжала самаходная электрастанцыя з пуцеўкладчыкам. Побач дрымала яшчэ некалькі цеплавозаў і розная тэхніка. На ўсялякі выпадак стаяў пажарны цягнік - чатыры цыстэрны з вадой і пасажырскі вагон, чакаў зімы снегаачысціцель. Наш машыніст правёў для нас кароткую экскурсію па дэпо і некуды знік, а мы пайшлі аглядаць гаспадарку самастойна. Досыць нагуляўшыся, мы высьветлілі расклад руху аўтобусаў да Рудзенску і вырашылі схадзіць на цэнтральную станцыю. Мінавалі закінуты стрэлачны пост і убачылі даволі аптымістычную карціну: шэсць шляхоў станцыі былі поўнасьцю застаўлены маленькімі аранжавымі вагончыкамі з торфам! Значыць, добра працуе вузкакалейка! У памяшканьні дзяжурнага нас сустрэла ветлівая жанчына, якая выконвала таксама і абавязкі дыспетчара. Яна распавяла нам сёе-тое пра чыгунку. Аказваецца, на ёй даволі інтэнсіўны рух: вывозіцца торф с палёў, ходзяць пасажырскія і гаспадарчыя цягнікі. Але менавіта нам не пашанцавала: у той дзень торфазавод з-за няспраўнасьці не прымаў сыравіну, і руху не было, а інакш мы мелі б магчымасьць з'ездзіць і на палі. Дарэчы, адну з ветак чыгункі нават даволі значна падоўжылі да новага месца здабычы торфу. Мяне вельмі уразіла тое, што на вузкакалейцы няма ніякай сістэмы кіраваньня цягнікамі: уся арганізацыя руху праводзіцца па радыёсувязі! На гэтай чыгунцы нават няма ніводнага сьветлафора!

ТУ8 Разівітаўшыся з дзяжурнай, мы рушылі далей. Прайшлі усю станцыю, дабраліся да стрэлкі, дзе пачынаецца новая лінія на поўдзень. Адтуль вузкакалейныя лініі разыходзіліся ў розныя бакі па вузкіх просеках праз глухі зялёны лес Міма нас да дэпо праехаў цеплавоз ТУ6, я вырашыў яго не фатаграфаваць, бо у ім ехала шмат людзей, і я не мог прадугледзець іх рэакцыю. Якраз падыйшоў час перакусіць, і мы расклалі свае прыпасы проста на стрэлцы, прычым я сядзеў проста на рэйцы, парушаючы ўсе магчымыя нормы тэхнікі бясьпекі. Мой сябра Віталь, дыпламаваны пуцеец, меў магчымасьць ацаніць тэхнічны стан шляхоў. Сваю ацэнку ён даў наступным чынам: "Я ля такога стыку кушаць не магу!". Крыху адпачыўшы, мы вырашылі кіравацца ў бок Рудзенска. Да аўтобуса было яшчэ дзве гадзіны, а па чыгунцы, нагадаю, цеплавоз ходзіць туды наогул раз на суткі. і тут камусьці з нас стукнула ў галаву вар'яцкая думка: хадзем пешшу! Там было дванаццаць кіламетраў... Мы зайшлі да дзяжурнай па ваду і рушылі.

ідзем. Сонейка прыпякае. Вады ўсе меней і меней. Спачатку была думка выкупацца у Пцічы, мы з маста палюбаваліся яе зялёнымі берагамі з кустамі ўздоўж вады, але купацца не рызыкнулі з-за адсутнасьці пляжу. Калі мы прайшлі амаль палову шляху і дасягнулі пераезда, стала зразумела, што без вады будзе ісьці вельмі цяжка. Было вырашана ісці ў вёску шукаць ваду. Праз доўгі час безвыніковага пошуку мы, нарэшце, заўважылі воданапорную вежу, з якой лілася струя вады! Мы з агромным задавальненьнем выкупаліся і напоўнілі пустую бутэльку, зноўку адпачылі і рушылі далей.

Мы зноўку вырашылі крыху зрэзаць і пайшлі не па шашы, а напрасткі і, прыкладна праз паўтары гадзіны, крыху паблукаўшы, выйшлі на ўскраіну Рудзенска. Стомленыя, але задаволеныя вандроўкай, мы селі ў электрычку на рудзенскім вакзале. Наша вандроўка блізілася да заканчэніня. Мы сядзелі у вагоне і абмяркоўвалі нашы уражаньні.

---

(C) 2001, Ю. Панін, Зьміцер Зіноў'еў